Беларуская | English | Lietuvių | Русский

Навучальны працэс

Завочнае навучанне ў ЕГУ – гэта унікальная магчымасць атрымаць дыплом, які прызнаецца ў Еўропе, навучаючыся па гнуткім графіку, маючы магчымасць камбінаваць вучобу з працай і выкарыстоўваючы найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі.

Навучальны працэс складаецца з уступных (установачных) сесій у Вільнюсе і міжсесійнай працы, якая праходзіць у фармаце дыстанцыйнага навучання праз Інтэрнэт. У першы год навучання праводзіцца тры сесіі ў Вільнюсе: у верасні-кастрычніку, лютым і ліпені; у наступныя гады – дзве, толькі ў лютым і ліпені. Кожная сесія доўжыцца адзін тыдзень.

У працэсе завочнай адукацыі мы прапануем спалучэнне працы ў групе і індывідуальнай працы з выкладчыкам, што, як правіла, неўласціва завочным праграмам іншых універсітэтаў. Навучальныя планы дзённага і завочнага навучання ідэнтычныя. Да таго ж, сам фармат дыстанцыйнага навучання дае магчымасць максімальна наблізіць завочнае навучанне да дзённага, паколькі студэнты працуюць гэтак жа сістэматычна, знаходзячыся пры гэтым у сталым кантакце з выкладчыкамі.

Як жа адбываецца вучоба на завочных праграмах ЕГУ?

Вы сталі студэнтам ЕГУ.

Далей усе Вашы дзеянні будуць кіравацца каардынатарам Вашай праграмы завочнай адукацыі, які з'яўляецца асноўнай кантактнай асобай па ўсіх пытаннях, звязаных з Вашым навучаннем ва універсітэце.

Перад пачаткам навучальнага года вы атрымаеце ад каардынатара наступныя дакументы:

  • запрашэнне на першую ўступную сесію (другая палова верасня – сярэдзіна кастрычніка);
  • інструкцыі па арганізацыйных пытаннях: інфармацыя аб візавай падтрымцы, пражыванні, раскладзе заняткаў, аплаце навучання і магчымасцях баўлення вольнага часу,
  • іншую неабходную інфармацыю.

Наступны крок – першая ўступная сесія ў Вільнюсе і знаёмства з сакурснікамі і выкладчыцкім складам.

Вам прапануюць ўступныя лекцыі і кансультацыі па асноўных дысцыплінах семестра і дапамогуць зарэгістравацца ў сістэме дыстанцыйнай адукацыі ЕГУ Moodle. Па ўзгадненні з кіраўніком праграмы, зыходзячы з вашых зацікаўленняў, але з улікам патрабаванняў навучальнага плану, для Вас будзе сфармаваная індывідуальная праграма навучання (індывідуальны план). Вы таксама атрымаеце неабходныя кансультацыі па аптымізацыі навучальнай нагрузкі.

Акрамя таго, падчас першай уступнай сесіі неабходна будзе скласці з універсітэтам дамову аб прадстаўленні адукацыйных паслуг і правесці аплату навучання. Фінансавы дэпартамент універсітэта падасць Вам усю неабходную інфармацыю аб парадку аплаты.

У вольны ад вучобы час вы зможаце пазнаёміцца з адным з найпрыгажэйшых гарадоў Усходняй Еўропы – Вільнюсам, наладзіць сяброўскія і прафесійныя кантакты з аднакурснікамі і калегамі з дзённага аддзялення.

І, нарэшце, найважнейшы этап – міжсесійная праца, падчас якой вы выконваеце заданні і працуеце ў сістэме дыстанцыйнага навучання Moodle. Дадзеная сістэма дазваляе мець доступ з аддаленага кампутара да ўсіх неабходных навучальных матэрыялаў, мець зносіны ў віртуальным рэжыме з выкладчыкамі, выконваць пад іх кіраўніцтвам заданні і праекты, працаваць у групе. Памятайце, што ў любы момант вы можаце звярнуцца да каардынатара праграмы і выкладчыка па любых узніклых у працэсе навучання пытаннях і атрымаць неабходныя кансультацыі.

У адрозненне ад традыцыйнага завочнага навучання, якое часцей за ўсё ўяўляе сабою навучанне ад сесіі да сесіі, найважнейшым прынцыпам праграм дыстанцыйнага навучання ў ЕГУ з'яўляюцца штодзённыя або, прынамсі, сістэматычныя заняткі.

На пачатку курса выстаўляецца яго праграма, як правіла, распісаная патыднёва: вы бачыце, што чакае Вас на працягу семестра і можаце самі планаваць сваю нагрузку. У нашым выпадку дыстанцыйнае навучанне мае арганізаваную форму ў межах выразнага графіка з пазначэннем дат, калі студэнты павінны здаваць выкананыя заданні. Аднак мы зыходзім з таго, што праца са студэнтамі павінна будавацца на прынцыпах гнуткасці. Калі плануюцца нейкія паездкі, чакаюцца перыяды напружанай працы або няма доступу да Інтэрнэту, Вам неабходна загадзя ўзгадніць гэта з выкладчыкам.

Прайшоўшы гэты этап, вы прыязджаеце на другую сесію ў Вільнюс, падчас якой вы наведваеце ўступныя лекцыі і кансультацыі па дысцыплінах вясновага семестра і здаеце іспыты па спецыяльных дысцыплінах восеньскага семестра. Агульнаўніверсітэцкія курсы, як правіла, ацэньваюцца па выніках працы ў семестры.

Перад пачаткам другой сесіі найлепшыя студэнты праграм завочнага навучання пры падтрымцы ЕГУ атрымоўваюць гадавыя шматразовыя візы ў Літву.

Далей – яшчэ адзін этап міжсесійнай працы і трэцяя сесія, падчас якой здаюцца іспыты. І… вакацыі!

Пачынаючы з другога курса, вы будзеце прыязджаць у Вільнюс на вочныя сесіі двойчы ў год.

Выканаўшы навучальны план, г.зн. набраўшы 160 крэдытаў, патрабаваных навучальным планам, вы атрымоўваеце дыплом бакалаўра, які прызнаецца ва ўсіх краінах Еўрапейскага Саюзу, а акрамя таго, здабудзеце ўсе магчымасці для працягу адукацыі ў магістратуры ЕГУ і іншых еўрапейскіх ВНУ.

Моўная падрыхтоўка

Валоданне замежнымі мовамі з'яўляецца неабходным складнікам еўрапейскай гуманітарнай адукацыі і, у прыватнасці, адукацыйнай мадэлі ЕГУ.

У якой форме?

У наш час замежныя мовы ў рамках праграм завочнай адукацыі вывучаюцца ў вочнай форме (за выключэннем літоўскай мовы). Ва універсітэце вядзецца праца па стварэнні дыстанцыйнай сістэмы для вывучэння замежных моў.

Дзе вывучаць замежную мову?

Моўную падрыхтоўку па англійскай і іншых замежных мовах можна прайсці ў адным з цэнтраў моўнай падрыхтоўкі Беларусі (і іншых краін), сертыфікаты якіх будуць прызнаныя ЕГУ. У пачатку навучальнага года вы атрымаеце інфармацыю аб тым, якія моўныя цэнтры ў Беларусі прапануюць прызнаваныя ЕГУ праграмы вывучэння замежных моў.

Якія мовы вывучаюцца ў праграмах завочнага навучання?

У рамках завочнага навучання ў ЕГУ мяркуецца вывучэнне трох замежных моў:

  • Англійская мова: вывучаецца ў абавязковым парадку ўсімі студэнтамі з пачатковага альбо прамежкавага ўзроўню;
  • Адна з замежных моў (нямецкая, французская, польская і інш.) на выбар студэнта;
  • Літоўская мова: вывучаецца дыстанцыйна ў аб'ёме, неабходным для паўсядзённых зносін.

Ці магчымы перазалік курса замежнай мовы?

Калі вы ўжо вывучалі замежную мову раней у іншым ВНУ ў аб'ёме не меней за 8 крэдытаў (320 акадэмічных гадзін), ён можа быць перазалічаны на падставе заявы студэнта і аднаго з наступных пацвярджальных дакументаў: акадэмічнай даведкі, дадатка да дыплома альбо заліковай кніжкі.

Падрыхтоўка ў галіне сучасных інфармацыйных тэхналогій

На працягу першага семестра ўсе студэнты павінны пацвердзіць навыкі працы з асноўнымі кампутарнымі праграмамі, якія вывучаюцца ў рамках курсу ВНУ «Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі».

Дзе прайсці курс?

Дысцыпліну «Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі» можна прайсці на адпаведных курсах, сертыфікаты якіх прызнаюцца ЕГУ. У пачатку навучальнага года вы атрымаеце інфармацыю аб тым, у якіх адукацыйных цэнтрах у Беларусі можна прайсці дадзеную дысцыпліну.

Ці магчымы перазалік курсу «Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі»?

Калі вы ўжо вывучалі курс «Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі» раней у іншым ВНУ ў аб'ёме не меней за 2 крэдыты (80 акадэмічных гадзін), ён можа быць перазалічаны на падставе заявы студэнта і аднаго з наступных пацвярджальных дакументаў: акадэмічнай даведкі, дадатка да дыплома альбо заліковай кніжкі.

Навучальная нагрузка студэнтаў і крэдыты

Завочнае навучанне кожнага студэнта ажыццяўляецца адпаведна з індывідуальным навучальным планам, зацверджаным кіраўніком адпаведнай праграмы бакалаўрскай падрыхтоўкі.

Колькасць крэдытаў, адпаведных кожнаму прадмету, паказваецца ў праграме завочнага навучання і спісе прадметаў, што выстаўляюцца на чарговы семестр.

Нагрузка студэнтаў завочнага аддзялення, як правіла, складае 16 крэдытаў у семестр. Студэнты па ўзгадненні з кіраўніком праграмы могуць дадаваць або прыбіраць прадметы з свайго індывідуальнага плану на працягу першых двух тыдняў семестра.

Працягласць завочнага навучання

Для атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі першай ступені і акадэмічнай ступені бакалаўра студэнт павінен набраць 160 навучальных крэдытаў у наступныя тэрміны:

  • тры-чатыры гады (пры ўмове перазалічэння часткі навучальных дысцыплін першай або паралельнай вышэйшай адукацыі);
  • чатыры-шэсць гадоў (у залежнасці ад тэмпу завочнага навучання, які выбіраецца самім студэнтам) пры атрыманні першай вышэйшай адукацыі.

Перазалік дысцыплін (трансферт крэдытаў)

Калі якая-небудзь дысцыпліна навучальнага плану ўжо была пройдзена студэнтам у іншым ВНУ, яна можа быць часткова альбо цалкам перазалічана пры ўмове супадзення аб'ёму і зместу.

Па асобных дысцыплінах гуманітарнага профілю, вывучаных у іншых ВНУ, трансферт можа не адбыцца, калі іх змест не адказвае патрабаванням, выстаўленым да зместу і арганізацыі навучальнага працэсу ў ЕГУ.

Рашэнне аб трансферце крэдытаў і яго ўмовах прымае кіраўнік праграмы, зыходзячы з рэкамендацый выкладчыка адпаведнага курса ў ЕГУ, і зацвярджае дэкан факультэта не пазней чым у двухтыднёвы тэрмін пасля пачатку семестра, у якім чытаецца дадзеная дысцыпліна.

 
 

Версія для друку

Rambler's Top100 © 2007 EHU
Acknowledgements and Terms of Use