Беларуская | English | Lietuvių | Русский
Галоўная > Адукацыйныя праграмы > Дзённы бакалаўрыят > Бакалаўрскія праграмы > Напрамкі навучання > Беларусістыка: Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія

Беларусістыка: Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія

Тэрмін навучання: 4 гады
Напрамак навучання: гісторыя
Ступень, якая прысвойваецца: бакалаўр гісторыі
Форма навучання: вочная

Бакалаўрская праграма “Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія” была распрацавана з улікам патрабаванняў, якія прад'яўляюцца да выпускнікоў гістарычных факультэтаў універсітэтаў Еўропы. Яна дае грунтоўныя веды па гісторыі Беларусі і Еўропы, а таксама ў галіне сацыяльнай, культурнай і гістарычнай антрапалогіі і іншых гуманітарных дысцыплін.

У праграме заняты вядомыя беларускія гісторыкі, якія паспяхова спалучаюць выкладанне і навуковую дзейнасць. Гэта стварае рэдкую магчымасць вывучаць гісторыю ў даследчыкаў, якія яе пішуць. Акрамя таго, студэнты знаёмяцца з такім варыянтам гісторыі, дзе ў цэнтры ўвагі знаходзіцца ЧАЛАВЕК з яго поспехамі і расчараваннямі, радасцямі і нягодамі.

Адпаведна, нараўне з традыцыйнымі курсамі (напр., “Гісторыя Беларусі ад старажытнасці да канца 18 ст.” або “Палітычная гісторыя Еўропы”) студэнты вывучаюць прадметы, якія адсутнічаюць у вучэбных праграмах большасці універсітэтаў Беларусі. У прыватнасці, гэта “Гісторыя штодзённасці”, “Гісторыя Цэнтральна-Усходняй Еўропы”, “Гендэрная гісторыя Беларусі”, “Метадалогія і метады гістарычнага даследавання”, “Культурная і сацыяльная антрапалогія”, “Уводзіны ў біблістыку” ды інш.

Археалагічная і этнаграфічная практыкі дазваляюць маладым людзям непасрэдна дакрануцца да старажытнай гісторыі і адчуць усю прыгажосць народнай культуры. Для многіх яны становяцца своеасаблівым “адкрыццём” Беларусі і Літвы.

Студэнтам прадстаўлена рэдкая магчымасць жыць і вывучаць гісторыю ў горадзе, вуліцы якога памятаюць вялікага князя Гедыміна і першадрукара Францыска Скарыну, паэта Адама Міцкевіча і паўстанца Кастуся Каліноўскага, супрацоўнікаў рэдакцыі “Нашай Нівы” і навучэнцаў знакамітай віленскай беларускай гімназіі.

У Вільні яшчэ жывуць традыцыі шматнацыянальнага Вялікага княства Літоўскага, дзе пераважаў дух нацыянальнай і рэлігійнай талерантнасці. Вільня была горадам, у якім актыўна развівалася беларуская культура. Яна і сёння жыве тут. Студэнты маюць магчымасць сустракацца з вядомымі беларускімі гісторыкамі, пісьменнікамі і паэтамі, журналістамі і палітыкамі.

Узімку 2007 г. ва універсітэце пачаў працаваць навуковы гістарычны гурток, удзел у якім можа стаць добрай школай будучага даследчыка Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Адзін з прыярытэтаў гуртка – вывучэнне “беларускай Вільні”, у тым ліку пошук магілы Каліноўскага, пошук рэдкіх гістарычных дакументаў, экспедыцыі па вуснай гісторыі (oral history).

Такім чынам, праграма “Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія” – гэта

  • дыплом “бакалаўр гісторыі” еўрапейскага ўзору; 
  • грунтоўныя веды па беларускай, еўрапейскай і сусветнай гісторыі, культурнай антрапалогіі, этналогіі, археалогіі; 
  • базавая гуманітарная адукацыя, якая дазволіць знайсці сваё месца на рынку працы або працягнуць навучанне ў магістратуры і аспірантуры; 
  • магчымасць вывучаць гісторыю не толькі па падручніках, але таксама па ўнікальных дакументах гістарычных архіваў і бібліятэк Літвы; 
  • удзел у навуковых экспедыцыях па этнаграфіі, археалогіі і гісторыі ў Літве і Беларусі; 
  • вольнае валоданне двума замежнымі мовамі і сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі; 
  • сустрэчы і кантакты з вядомымі беларускімі гісторыкамі, пісьменнікамі і паэтамі, журналістамі і палітыкамі.

Выпускнікі праграмы змогуць працаваць навуковымі супрацоўнікамі музеяў, экскурсаводамі, выкладчыкамі гістарычных дысцыплін, выступаць у якасці экспертаў па праблемах гістарычнай спадчыны, праводзіць самастойныя даследаванні ў вобласці гістарычнай навукі або працягнуць навучанне ў магістратуры.

Праграма прапануецца як у дзённым, так і ў завочнымфармаце.

 

Дзённае навучанне па дадзенай праграме ў 2006-2010 г. здзяйсняецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюзу і Рады міністраў Паўночных краін.


Кантакты
Дзённае аддзяленне: admission.b.history @ ehu.lt


Версія для друку

Rambler's Top100 © 2007 EHU
Acknowledgements and Terms of Use