Больш за 50 бізнэсоўцаў ды іншых асобаў, зацікаўленых у магчымасцях развіцця бізнэсу ў Беларусі, узялі ўдзел у мерапрыемстве фармату “бізнэс для бізнэсу”, якое было зладжана супольна Дацкай Гандлёвай Палатай у Літве (Danish Chamber of Commerce in Lithuania), яе паўночнымі сястрынскімі гандлёвымі палатамі і Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам (ЕГУ) 31 студзеня ў гатэлі “Radisson Blu Astorija” ў Вільні.
Студэнты і выпускнікі праграмы MBA ЕГУ – а ўсе яны з’яўляюцца бізнэсоўцамі-практыкамі – дзяліліся ўласным досведам таго, што такое “займацца бізнэсам у Беларусі”.
“Быць першапраходцам у Беларусі значна прасцей, чым дзесьці яшчэ”, – сказаў адзін з выпускнікоў MBA, які нядаўна распачаў уласную справу ў Беларусі.
Аўдрус Мікшыс (Audrius Mikšys), літоўскі бізнэсовец, які працуе ў Беларусі пачынаючы ад 2006 года, шчыра падзяліўся са слухачамі сваёй ацэнкай як магчымасцяў, так і выклікаў для бізнэсу ў Беларусі.
“Беларусь не толькі ўяўляе сабой 10-мільённы рынак, але і забяспечвае выхад на Расію, якая належыць да адзінай з ёй мытнай прасторы, а таксама на Украіну”, – адзначыў Мікшыс.
Аднак у якасці галоўнага выкліку ён прывёў недахоп здольных працаўнікоў.
"Беларусі на цяперашні момант патрэбныя людзі, якія разбіраюцца ў эканоміцы, якія пабачылі свет, размаўляюць па-англійску і маюць заходнюю культуру працы”, – заўважыў Мікшыс, які цяпер займае пасаду дырэктара ААТ “Лідскае піва”, уладальнікам якога з’яўляецца фінская “Olvi Group”.
Афіцыйныя прэзентацыі ўключалі ў сябе таксама агляд, які зрабіў дырэктар Цэнтра Бізнэс-адукацыі ЕГУ Павел Малюковіч, і кароткі выклад адпаведных заканадаўчых патрабаванняў, прэзентаваны Вольгай Полазавай, юрыстам кампаній “Raidla Lejins” і “Norcous”. Пасля завяршэння афіцыйнай часткі распачалося нефармальнае ўсталяванне дзелавых кантактаў паміж удзельнікамі.