Гуманітарная адукацыя ўключае ў сябе велізарны абсяг чалавечых ведаў у сферы гісторыі, літаратуры, замежных моваў, прыродазнаўчых навук, матэматыкі, філасофіі, мастацтва, музыкі і шмат якіх іншых навуковых дысцыплін. Незалежна ад таго, з чым будзе звязаная будучая прафесія студэнта – з медыцынай, юрыспрудэнцыяй, выкладчыцкай дзейнасцю ці тэхнічнай сферай, – цягам першых гадоў навучання ў гуманітарнай ВНУ ён заўжды будзе праходзіць даволі шырокі спектр навучальных дысцыплін.
Каб зрабіцца насамрэч адукаваным чалавекам, трэба навучыцца здабываць і засвойваць веды. Усе розныя віды разумовай дзейнасці – спробы адказаць на складаныя філасофскія пытанні, праца з літаратурнымі творамі, аналіз навуковых дадзеных і фармуляванне гіпотэз на падставе гэтых дадзеных – ёсць аднолькавымі па сваёй сутнасці, бо ўсе яны стымулююць разумовую працу чалавека, падвышаюць яго інтэлектуальны ўзровень.
Яшчэ адзін істотны плюс гуманітарнай адукацыі – развіццё здольнасці разумець сутнасць працэсаў, якія адбываюцца ў свеце, у кантэксце звязаных з гэтымі працэсамі ідэй.
Гуманітарная адукацыя дапамагае чалавеку зразумець з'явы па-за межамі канкрэтных падзеяў, пабачыць міждысцыплінарныя сувязі паміж рознымі галінамі гуманітарных даследаванняў. Да таго ж, такая адукацыя спрыяе фармаванню яшчэ аднаго істотнага навыку – крытычнага мыслення. Чалавеку, які атрымаў добрую гуманітарную адукацыю, уласцівы шырокі кругагляд, высокая ступень рэфлексіі, здольнасць да сістэматызацыі ведаў і досведу.
“Тым не менш, сёння ва ўмовах жорсткай эканамічнай канкурэнцыі, здаецца, шмат хто ўжо не ўпэўнены, ці здольныя гуманітарныя ВНУ рыхтаваць высокакваліфікаваныя і запатрабаваныя кадры. Сёння існуе меркаванне, што толькі тэхнічная падрыхтоўка ці прафесійныя веды самі па сабе здольныя неяк ажывіць нашую культуру і грамадства. Шмат хто мяркуе, што магчыма зрабіцца канкурэнтаздольнымі, засяроджваючыся толькі на навуцы і тэхніцы. Гэта сур'ёзная памылка”, – лічыць Майкл С. Рот, прэзідэнт універсітэта Уэслі, ЗША.
“Кіраўнікі ва ўрадзе, у прамысловасці і ў сферы навуковых даследаванняў павінны разумець, што не варта супрацьпастаўляць гуманітарныя навукі астатнім навукам”, – адзначае Майкл С. Рот.
Па словах Стыва Джобса, генеральнага дырэктар “Apple”, гуманітарныя навукі граюць істотную ролю ў развіцці новых тэхналогій. Напрыклад, каментуючы неверагодны поспех новага іPad, Джобс заявіў: ““Apple” здольны ствараць такія прадукты, як іPad, менавіта таму, што мы заўжды імкнемся быць на сутыку тэхналогій і гуманітарных навук. Гэта дае нам магчымасць браць найлепшае з абедзвюх сфераў”.
Па словах М. Рота, дасягнуць поспеху ў будучыні можна толькі праз інтэграцыю адукацыі, дзе навукі не супрацьпастаўляюцца адна адной і не ізалююцца.
“У ЗША ў школах мастацтваў студэнты, якія вывучаюць гісторыю, палітычныя навукі, літаратуру і мастацтва, ужо пачынаюць больш актыўна цікавіцца дакладнымі навукамі. Інтэграваныя праграмы дакладных навук, мастацтва і гуманітарных навук цяпер знаходзяцца ў стадыі актыўнай распрацоўкі і ўдасканалення.
Урадавыя чыноўнікі і навуковыя адміністратары павінны разумець, што інавацыі ў сферы тэхналогій, аўтамабільнага дызайну, медыцыны ці вытворчасці прадуктаў харчавання будуць адбывацца не толькі дзякуючы ізаляванай працы ў галіне тэхнічных дысцыплін. Эфектыўныя праграмы дастаўкі вакцыны, напрыклад, патрабуюць тэхнічных ведаў, але яны таксама патрабуюць культурнага паразумення, эканамічнага планавання і ведання этыкі”, – адзначае М. Рот.
Акрамя таго, навукоўцы, якія працуюць у галіне гуманітарных навук, мусяць прызнаць, што некаторыя з найбольш цікавых на цяперашні час працаў па гісторыі, мастацтве і філасофіі ствараліся пры актыўным удзеле навукоўцаў, якія працуюць у галіне дакладных навук. Сфера даследаванняў жывёл, напрыклад, аб'ядноўвае як навыкі аналізу і тлумачэння паводзін жывёл, так і сучасныя навуковыя даследаванні.
Гуманітарная адукацыя дае чалавеку інструменты, неабходныя для працэсу навучання, і базу ведаў, неабходных для разумення і ацэньвання разнастайных тонкіх граняў шматграннага навакольнага свету. Гуманітарная адукацыя спрыяе павелічэнню культурнай інфармаванасці праз вывучэнне гісторыі, замежных моваў, дысцыплінаў з галіны культуры і рэлігіі; трэніруе логіку праз вывучэнне навукі, філасофіі і матэматыкі; удасканальвае працэс навучання і ўспрымання выяўленчага мастацтва і музыкі. Гуманітарная адукацыя закладае падмурак для рэалізацыі асабістага патэнцыялу чалавека і пошуку свайго месца ў дынамічным свеце. У першую чаргу, гуманітарная адукацыя дае індывіду свабоду самаўдасканалення. Як казаў старажытнарымскі філосаф Эпіктэт тысячу гадоў таму – і гэтая фраза ёсць па-ранейшаму актуальнай сёння: “Толькі адукаваныя ёсць свабоднымі”.
На падставе артыкулаў з ніжэйпералічаных крыніц:
1. „Why liberal arts matter” by Michael S. Roth, Special to CNN
2. „The Importance of Liberal Arts in Undergraduate Education” by Andrew T. Osborne
3. “Steve Jobs Touts Liberal Arts” posted by SM Sprenger
http://humanitiesplus.byu.edu/2010/01/steve-jobs-touts-liberal-arts.html