2-8 жніўня 2010 г. пад Вільнюсам (Кернаве) адбылася Міжнародная летняя школа "Беларусь у еўрапейскім кантэксце: актуальныя дыскусіі пра нацыябудаўніцтва", арганізаваная Інстытутам гістарычных даследаванняў Беларусі і Дэпартаментам філасофіі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта.
У Школе ўзялі ўдзел 20 маладых даследчыкаў у сферы гуманітарных і сацыяльных навук з Беларусі, Украіны, Латвіі, Расіі, Польшчы, Чэхіі, Германіі. У якасці запрошаных лектараў выступілі такія вядомыя спецыялісты як Алег Латышонак і Яўген Мірановіч (Беласток), Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Валер Булгакаў, Пётра Рудкоўскі, Захар Шыбека (Мінск), Алена Тэмпер (Лейпцыг), Сяргей Токць (Гродна), Альвідас Нікжантайціс (Вільнюс).
Праграма Школы ўключала абмеркаванне такіх тэм як "Нацыябудаўніцтва: роля гарадской і вясковай сацыяльных груп", "Беларусь у пошуках нацыянальнай ідэі", "Беларуская ідэнтычнасць: гісторыя і памяць", "Нацыяналізм, еўрапеізацыя, дэмакратызацыя", "Беларускае нацыябудаўніцтва і ідэя Еўропы".
Эксперты і ўдзельнікі адзначылі высокі прафесійны ўзровень Школы і прадуктыўнасць дыскусій, што адбыліся. Паводле думкі філосафа Валянціна Акудовіча, Школа паказала, што ў Беларусі існуюць не проста асобныя навукоўцы, а цэлая генерацыя таленавітых маладых даследчыкаў, якая здольная надаць новую траекторыю вывучэнню працэсаў нацыябудаўніцтва ў нашай краіне.