28 ліпеня 2010 г. у Вільнюсе адбылося ўрачыстае закрыццё працы летняй школы па навучанні міжнароднаму праву правоў чалавека (The International Human Rights Law Summer Study, IHRLSS). У цырымоніі ўзяў удзел міністр юстыцыі Рэспублікі Літва Рэмігіюс Шымашус (Remigijus Šimašius).
Паводле сцверджання міністра Р. Шымашуса, абарона правоў і свабодаў чалавека - гэта аснова і гарант дэмакратыі, забеспячэнне якога з'яўляецца адной з найважнейшых задач як у межах суверэннай дзяржавы, так і ў кантэксце міжнародных адносінаў. "Захаванне універсальных правоў і свабодаў чалавека служыць умацаваннем міру, гарантуе бяспеку і дэмакратыю, перакрывае шлях агрэсіі, карупцыі і злачыннасці. Таму вельмі важна пастаянна ўдасканальваць прававую базу і пашыраць міжнароднае супрацоўніцтва з мэтай прадставіць магчымасць кожнаму чалавеку ў кожнай дзяржаве адчуваць сябе ў бяспецы і вольна карыстацца сваімі законнымі правамі", - заявіў міністр у сваім звароце.
Летні навучальны курс з'яўляецца сумесным праектам Цэнтра грамадскай палітыкі Універсітэта Элана (ЗША), няўрадавай арганізацыі Bring Human Rights Home (ЗША), Інстытута маніторынгу правоў чалавека (Літва), Універсітэта Мікаласа Ромерыса (Літва) і Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта.
Інтэнсіўная двухтыднёвая праграма закліканая забяспечыць усебаковае прадстаўленне міжнароднага права правоў чалавека і ўключае актыўнае ўзаемадзеянне ўдзельнікаў з практыкуючымі прафесіяналамі ў дадзенай вобласці права.
Сёлета ў праграме ўдзельнічалі 31 студэнт і 18 лектараў з Беларусі, Канады, Францыі, Грузіі, Літвы, Расіі і ЗША.