Выдавецтва Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта выпусціла чарговы том гадавіка антрапалагічнай гісторыі "Homo historicus 2009" пад рэдакцыяй А.Ф. Смаленчука.
Прадстаўленыя ў выданні даследаванні праведзеныя ў рэчышчы гісторыка-антрапалагічнага падыходу да вывучэння мінулага Беларусі. Матэрыялы раскрываюць разнастайныя аспекты, факты, падзеі беларускай гісторыі з антрапалагічнага пункту гледжання.
У прыватнасці, В. Бабкова звярнула ўвагу на месца пчалярства і яго значэнне ў штодзённым жыцці насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, В. Лабачэўская прааналізавала факты адраджэння архаічных абрадаў калектыўнага выратавання вёскі ("абыдзеннікі"), якія мелі месца ў Беларусі падчас Другой сусветнай вайны, А. Вашкевіч распавёў пра апошнія месяцы жыцця ксяндза Адама Станкевіча.
Асобны тэматычны блок прысвечаны праблеме гістарычнай памяці і сімвалаў горада Вільнюса. Тэксты А. Нікжэнтайціса, Д. Мачуліса, А. Смаленчука, Д. Фішмана, М. Каснер, Ю. Вербіцкене і іншых аўтараў прадстаўляюць механізмы свайго роду "нацыянальнай прыватызацыі" шматкультурнага горада. Увагу чытача прыцягнуць актуалізаваныя навуковыя тэксты Мітрафана Доўнар-Запольскага, Міхаіла Ромера, Даніэля Файнштэйна і Юзэфа Абрэмбскага з вобласці этналогіі, гісторыі беларускага нацыянальнага руху. Шэраг матэрыялаў, сярод аўтараў якіх такія вядомыя даследчыкі, як Дарус Сталюнас (Вільнюс) і Наталля Якавенка (Кіеў), прысвечаныя гісторыі адукацыі.