У беларускім Доме правоў чалавека 19 - 21 лютага праходзіў усталёвачны семінар у межах адукацыйнай праграмы "Дыстанцыйнае навучанне адвакатаў правам чалавека". 26 удзельнікаў з Беларусі цягам трох дзён навучаліся правам чалавека, знаёміліся адно з адным, а таксама асвойвалі прынцыпы дыстанцыйнага навучання.
Першы крок рэалізацыі праграмы – рэгіянальны ўсталёвачны семінар ў Вільні, на які сабраліся 26 юрыстаў і адвакатаў з Беларусі. Такія ж семінары адбыліся яшчэ ў трох краінах - Азербайджане, Грузіі, Расіі. Менавіта гэтыя чатыры краіны былі адабраныя да ўдзелу ў праекце сеткі Дамоў правоў чалавека па дыстанцыйным навучанні адвакатаў. Цягам бліжэйшага года ўдзельнікі пройдуць спецыяльную праграму дыстанцыйнага навучання правам чалавека, не выязджаючы са сваіх краін.
Першая сесія стала для беларускіх удзельнікаў адпраўным пунктам у працэсе гадавога навучання нормам і стандартам міжнароднага і канстытуцыйнага права, якія яны закліканыя надалей выкарыстоўваць у сваёй прафесійнай дзейнасці.
Удзельнікі пройдуць тэарэтычную і практычную падрыхтоўку па прымяненні канцэпцыі правоў чалавека і міжнародных прававых стандартаў у межах нацыянальнай і міжнароднай сістэме аховы правоў, у тым ліку, у Еўрапейскім судзе па правах чалавека і Камітэце па правах чалавека ААН.
Такія адукацыйныя магчымасці беларускія юрысты змогуць выкарыстоўваць дзякуючы онлайн-тэхналогіі дыстанцыйнага навучання – спецыяльнай сістэме Мудл, якая функцыянуе ў ЕГУ, робячы магчымым дыстанцыйнае і завочнае навучанне для яго студэнтаў. Сама дыстанцыйная прастора прадстаўлена праекту Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам, які з’яўляецца яго партнёрам.
Цягам усталёвачнай сесіі беларускія юрысты і адвакаты паўдзельнічалі ў тэматычных дыскусіях з экспертамі ў галіне міжнароднага права. Надалей удзельнікі змогуць атрымліваць усе неабходныя ім веды і інфармацыю з электроннай бібліятэкі, якая была створана спецыяльна для гэтага праекта.
Наступны этап праграмы, які удзельнікі будуць праходзіць ужо на сваіх працоўных месцах – інтэнсіўная адукацыя па пяці навучальных курсах, які пачнецца з сакавіка сёлетняга года. Удзельнікі азнаёмяцца з гісторыяй, філасофіяй і тэндэнцыямі права; асноўнымі канцэпцыямі, прынцыпамі і інстытутамі міжнароднага права; імплементацыяй міжнародных стандартаў ў галіне правоў чалавека ў нацыянальныя прававыя сістэмы; канстытуцыйнай сістэмай абароны правоў чалавека; правамі чалавека і міжнародным гуманітарным правам. Праз 5 месяцаў з пачатку праграмы паводле вынікаў навучання будуць абраныя 5-6 найлепшых студэнтаў, якім будзе прапанаваны другі этап дыстанцыйнага навучання, а таксама ўдзел у двух міжнародных канферэнцыях, што адбудуцца ў Вільні цягам бліжэйшага году.
Праграма "Дыстанцыйнае навучанне адвакатаў правам чалавека" скіраваная на забеспячэнне адвакатаў і юрыстаў неабходнымі ведамі ў галіне правоў чалавека і наладжанне кантактаў паміж удзельнікамі ўнутры сваёй краіны і на паміж усімі краінамі-удзельніцамі, тры з якіх уваходзяць у праграму ЕС “Усходняе партнёрства”. Таму акрамя прафесійных бонусаў і сертыфіката ўдзельнікі атрымаюць магчымасць прадстаўляць сваю краіну на міжнародным узроўні, а таксама знойдуць карысныя кантакты ў суседніх краінах. Гэта, у сваю чаргу, закладзе грунт да ўвядзення ў краінах-удзельніцах, у прыватнасці, у Беларусі, міжнародных стандартаў і механізмаў аховы правоў чалавека.