Беларуская | English | Lietuvių | Русский
Галоўная > Аб унiверсiтэце > Структура > Агульнауніверсітэцкія кафедры і інстытуты > Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі

Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі

Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі (ІГДБ) быў створаны ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў ліпені 2007 г. з мэтай адраджэння традыцыі беларускай гуманітарнай навукі ў Вільні. Галоўнай задачай гэтай акадэмічнай структуры з’яўляецца арганізацыя навуковых даследаванняў, а таксама ўдзел у навучальным працэсе комплекснай бакалаўрскай праграмы “Беларусістыка” і магістарскіх праграмаў па гісторыі.

Вільня неаднаразова ў сваёй гісторыі станавілася адным з цэнтраў беларускай навукі і культуры. Дастаткова назваць імёны Францішка Скарыны, Вацлава Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, Адама Станкевіча, згадаць дзейнасць Беларускага навуковага таварыства (1918-1939) і Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры (1926-1936). Традыцыі віленскай беларускай гуманістыкі вартыя аднаўлення. Тым больш, што ў Беларусі ў выніку ідэалагічнага ціску сучаснага палітычнага рэжыму гуманістыка перажывае крызіс. Праўда, і раней большасць даследаванняў, па меншай меры, у галіне гістарычнай навукі праводзіліся па-за дыскурсам сучаснай сусветнай гістарыяграфіі. Прынамсі беларускія гісторыкі практычна не заўважылі “антрапалагічнай рэвалюцыі” і звязанага з ёй міждысцыплінарнага даследчага метаду. Між тым выкарыстанне гэтага метаду павінна паспрыяць узбагачэнню ведаў пра чалавека беларускай мінуўшчыны, а значыць узбагаціць нашае разуменне многіх праблемаў айчыннай гісторыі. Якраз аднаўленне лепшых традыцый беларускай гуманістыкі ў Вільні і аб’яднанне даследчыкаў у галіне антрапалагічна арыентаванай гісторыі будзе галоўнай мэтай дзейнасці ІГДБ.

Тэрмін “антрапалагічна арыентаваная гісторыя” трэба разумець максімальна шырока, а менавіта як праграму даследавання мінулага з пазіцыі “чалавечага вымярэння гісторыі”. Падобнага падыходу, у прыватнасці, прытрымліваюцца французскі даследчык Жак Ле Гоф і расейскі медыевіст Арон Гурэвіч. Аднак прыярытэт антрапалагічнай гісторыі не азначае немагчымасці ў межах Інстытуту праводзіць даследаванні ў метадалагічна іншых накірунках.

Антрапалагічная арыентаваная гісторыя павінна стаць падмуркам міждысцыплінарных даследаванняў, якія дазволяць аб’яднаць намаганні прынамсі гісторыкаў, этнолагаў, палітолагаў, філосафаў, культуролагаў і лінгвістаў. Навуковы патэнцыял ЕГУ дазваляе высока ацэньваць шансы падобнага міждысцыплінарнага супрацоўніцтва.

На пачатковым этапе існавання Інстытуту плануецца арганізацыя даследаванняў у галіне гістарычнай памяці, гістарычнай біяграфістыкі, штодзённай гісторыі, гістарычнай паліталогіі і гістарычнай урбаністыкі.

У планах працы Інстытуту падрыхтоўка і выданне навуковага зборніка (гадавік) “Homo historicus” (сурэдактары Андрэй Казакевіч і Алесь Смалянчук), арганізацыя працы навукова-практычнага семінару з той жа самай назвай (кіраўнік А.Казакевіч), навукова-метадалагічнага семінару “Гістарычнае пазнанне: тэндэнцыі і праблемы развіцця” (кіраўнік Ігар Бабкоў). Першае паседжанне семінару адбылося ў красавіку 2007 г. З рэфератам, прысвечаным тэндэнцыям развіцця сучаснай украінскай гістарыяграфіі, выступіў даследчык з Кіева Андрэй Партноў.

Адначасова дзейнасць Інстытута звязана з бакалаўрскай праграмай “Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія” і сумежных з ёй праграмаў, у першую чаргу, праграмы “Культурная спадчына і турызм”. Гэтая сувязь праяўляецца праз куратарства дзейнасцю студэнцкага навуковага гуртка, каардынацыю тэматыкі курсавых праектаў, бакалаўрскіх і магістэрскіх працаў, а таксама праз абнаўленне зместу вучэбных праграмаў у выніку даследчыцкай дзейнасці выкладчыкаў. Спалучэнне навуковай дзейнасці з навучальным працэсам павінна паспрыяць росту эфектыўнасці апошняга.

Інстытут зарашае да супрацоўніцтва даследчыкаў, зацікаўленых распрацоўкай тэарэтычных і канкрэтна-гістарычных праблемаў антрапалагічна арыентаванай гісторыі Беларусі, а таксама тых, хто імкнецца да наладжвання міждысцыплінарнага дыялогу гуманітарных дысцыплінаў.


Кантакты

Дырэктар Інстытута гістарычных даследаванняў Беларусі: доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук

Эл. пошта: belhistoricalstudies @ ehu.lt


Версія для друку

Rambler's Top100 © 2007 EHU
Acknowledgements and Terms of Use