Ліст рэктара

Рэктар ЕГУ Анатолі Арсеньевіч Міхайлаў (фота: Наталля Ганцук)2004 год адзначыўся драматычнымі падзеямі ў кароткім, і без таго далёка не простым жыцці Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Да апошняга моманту не хацелася верыць у тое, што ўлады вырашацца пайсці на такі безразважны крок, у выніку якога будзе нанесена непапраўная шкода прэстыжу краіны ва ўсім цывілізаваным свеце. І тым не менш, гэта здарылася. З гэтага часу Беларусь пачалі называць «краінай, у якой зачыняюць універсітэты».

У аснове створанага ў 1992 г. ЕГУ ляжала ідэя кансалідацыі інтэлектуальных высілкаў тых, хто быў зацікаўлены ў наладжванні прадуктыўнага дыялогу са светам, ад якога па прычыне пэўных гістарычных акалічнасцяў мы былі цягам шматлікіх дзесяцігоддзяў адгароджаныя ідэалагічнымі бар'ерамі. Узнікшай пасля распаду Савецкага Саюзу новай суверэннай дзяржаве – Беларусі – былі патрэбныя прафесійныя кадры, здольныя эфектыўна ўзаемадзейнічаць з навакольным светам. Аднак тое, што здавалася відавочным у той напоўнены аптымізмам час, стала, на жаль, дысаніраваць з рэаліямі сённяшняга дня.

Канфрантацыя ўладаў краіны з цывілізаваным светам, вызначаны тупіковы курс на яе ізаляцыю выкліча цяжкія наступствы для сучаснасці і будучыні Беларусі. У чарговы раз выпала пераканацца ў тым, наколькі жыццёва важнай з'яўляецца якасная адукацыя, і якія цяжка ўзнаўляльныя страты можа спрычыніць яе адсутнасць.

За гады свайго існавання ЕГУ ператварыўся ва унікальны праект, які садзейнічаў множанню інтэлектуальнага патэнцыялу краіны. Тыя, хто спрычыніўся да разбурэння гэтай унікальнай ініцыятывы, якімі б аргументамі яны не абараняліся, нясуць цяжар адказнасці за абуральную несправядлівасць у стаўленні да грамадзян сваёй жа краіны, што выклікала нечуваную хвалю акцый салідарнасці і падтрымкі ва ўсім свеце.

Захоплены мужнасцю і трываласцю студэнтаў, выкладчыкаў і ўсіх супрацоўнікаў універсітэта, якія здолелі вытрымаць найцяжэйшы перыяд учыненага ў адносінах да іх беззаконня. Словы глыбокай удзячнасці ўладам і акадэмічнай супольнасці нашага добрага суседа Літвы, а таксама ўсім шматлікім партнёрам у Еўропе і Паўночнай Амерыцы, якія садзейнічаюць адраджэнню універсітэта ў новым выглядзе за межамі краіны як «універсітэта ў выгнанні».

Мінуць гады, усё стане на свае месцы, і рэчы будуць названыя сваімі імёнамі. Глыбока ўпэўнены ў тым, што абвешчаная трохі больш за 10 гадоў таму групай падзвіжнікаў ідэя Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта будзе запатрабаваная і ў сваёй краіне, і універсітэт зажыве новым жыццём.


Рэктар Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта,
акадэмік Анатоль Міхайлаў

© 2007 EHU