Прыватная навучальная ўстанова «Еўрапейскі гуманітарны універсітэт» была створана ў Менску ў 1992 годзе.
Тады гэта быў проста рамантычны эксперымент невялікай групы інтэлектуалаў. Але хутка універсітэт ператварыўся ва ўстанову, якая стала ў шэраг нацыянальных лідэраў інтэрнацыяналізацыі і лібералізацыі універсітэцкай адукацыі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Ініцыятары праекту імкнуліся стварыць новы незалежны універсітэт, які забяспечыць падрыхтоўку новага пакалення спецыялістаў, здольных садзейнічаць дыялогу культур Захаду і Усходу і фармаванню ў Беларусі адкрытай грамадзянскай супольнасці, і які будзе базавацца на каштоўнасцях еўрапейскай цывілізацыі.
ЕГУ быў адзінай ВНУ за ўсю гісторыю беларускай вышэйшай школы, якая дамаглася рэальнай універсітэцкай аўтаноміі і захавала яе нягледзячы на моцны ціск уладаў. У краіне, дзе гістарычныя, палітычныя і сацыякультурныя перадумовы ніколі не былі надта спрыяльнымі для фармавання еўрапейскай акадэмічнай культуры, дзіўным было з'яўленне і развіццё універсітэта, які не толькі па якасці сваіх праграм, але і па спосабе арганізацыі ўнутрыакадэмічнага жыцця практычна не адрозніваўся ад вядомых еўрапейскіх і амерыканскіх універсітэтаў з іх шматвяковай гісторыяй.
Феномен ЕГУ, які вылучае яго на ўсёй постсавецкай прасторы, быў звязаны, відаць, са спецыфічнымі гістарычнымі абставінамі, што склаліся на момант яго ўзнікнення, калі выпадкова на кароткі перыяд узнавіліся ўмовы станаўлення аўтаноміі еўрапейскіх універсітэтаў у сярэднія вякі. Удзел Беларускай Праваслаўнай Царквы ў закладанні універсітэта дапамог прыкладна на 10 гадоў ураўнаважыць і абмежаваць прэтэнзіі дзяржавы і дазволіў стварыць прастору, у якой фармавалася натуральная для універсітэта акадэмічная культура.
Задоўга да таго, як у Еўропе была прынята канцэпцыя гарманізацыі архітэктуры вышэйшай адукацыі, а ў 1999 г. была падпісана Балонская дэкларацыя, ЕГУ спрабаваў увесці ў практыку беларускай вышэйшай школы шмат якія з тых прынцыпаў, што вызначаюць на сённяшні дзень працэс фармавання адзінай адукацыйнай прасторы ад Атлантыкі да Ціхага акіяну. Універсітэт заставаўся адданы гэтай задачы ўсе гады свайго існавання, у тым ліку і тады, калі стала неабходна абмяжоўваць рэфарматарскія ідэі цвёрдымі загадамі Міністэрства адукацыі Беларусі.
За гады існавання ва універсітэце сфармаваўся высокакваліфікаваны выкладчыцкі корпус. Для выкладання ва універсітэце запрашаюцца як вядомыя спецыялісты, што маюць выдатную навуковую рэпутацыю, так і таленавітыя маладыя навукоўцы, якія актыўна займаюцца навуковымі даследаваннямі, здольныя прапанаваць неардынарныя аўтарскія курсы і сучасныя тэхналогіі навучання. Штогод каля 50 замежных выкладчыкаў з Расіі, ЗША, Францыі, Германіі і іншых краін праводзілі тут заняткі.
У ЕГУ працавала 8 факультэтаў: права, філасофіі, эканомікі, мастацтваў, псіхалогіі, інфармацыйных тэхналогій, франка-беларускі факультэт палітычных навук і праблем еўрапейскай інтэграцыі, факультэт тэалогіі ім. Свв. Мяфодзія і Кірылы, а таксама факультэты даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. У цэлым універсітэт прапаноўваў праграмы бакалаўрскай падрыхтоўкі па 13-ці спецыяльнасцях з глыбокім вывучэннем гуманітарыстыкі, замежных і класічных моў, сучасных інфармацыйных тэхналогій. Акрамя таго, актыўна развіваліся магістарскія, аспіранцкія і дактаранцкія праграмы. У прыватнасці, у ЕГУ упершыню ў Беларусі пачала дзейнічаць так званая «навучальная аспірантура».
У бібліятэцы ЕГУ была сабраная унікальная калекцыя сучасных і класічных выданняў па розных кірунках гуманітарных і сацыяльных навук, падборка сучаснай франка- і нямецкамоўнай спецыялізаванай літаратуры не мела сабе роўных у Беларусі.
ЕГУ стаў месцам правядзення значных культурных акцый, навуковых канферэнцый, калёквіумаў, семінараў міжнароднага значэння, прыцягваючы да сабе вядомых дзеячаў навукі, культуры, палітыкі як з рэгіёна, так і з далёкага замежжа. У рамках міжнароднага супрацоўніцтва пры універсітэце былі створаны і актыўна працавалі унікальныя для Беларусі даследчыя цэнтры, інстытуты і праграмы, якія стваралі базу для глыбокіх даследаванняў у розных галінах гуманітарных ведаў.
Так, у 1993 г. па ініцыятыве Пасольства Францыі ў Беларусі пачаў працу франка-беларускі факультэт палітычных навук і праблем еўрапейскай інтэграцыі, які вёў падрыхтоўку па адукацыйнай мадэлі французскіх інстытутаў палітычных навук. Гэты факультэт з'яўляўся самым буйным і амбіцыйным праектам МЗС Францыі ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе і унікальным для СНД прэцэдэнтам міжнароднага універсітэцкага супрацоўніцтва. Пасля гэтая праграма стала мадэллю для развіцця іншых міжнародных адукацыйных праектаў ЕГУ.
Тады ж пачалі рэалізоўвацца праграмы супрацоўніцтва з Пасольствам ЗША ў Беларусі, універсітэтамі і навукова-даследчымі інстытутамі Заходняй Еўропы і Расіі.
У 1997 г. для развіцця супрацоўніцтва Германіі і Беларусі ў галіне адукацыі пры садзейнічанні Пасольства Германіі ў Беларусі пры ЕГУ быў створаны Інстытут нямецкіх даследаванняў. На базе інстытута ва універсітэце прапаноўваліся нямецкамоўныя праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў па праве, эканоміцы, германістыцы, якія не мелі аналагаў у Беларусі, рэалізоўваліся беларуска-германскія навукова-даследчыя і выдавецкія праекты.
Ва універсітэце працавалі таксама Цэнтр амерыканскіх даследаванняў, Інфармацыйна-рэсурсавы цэнтр па праблемах еўрапейскай інтэграцыі, Цэнтр еўрапейскіх і трансатлантычных даследаванняў, Цэнтр гендэрных даследаванняў, Цэнтр грамадзянскай адукацыі, Цэнтр скандынаўскіх даследаванняў, Цэнтр перспектыўных навуковых даследаванняў і адукацыі (CASE), які спецыялізуецца на даследаваннях памежжа Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
Акрамя таго, у ЕГУ была адчынена першая ў Беларусі універсітэцкая мастацкая галерэя.
Працягваючы рэалізацыю ідэі ўваходжання Беларусі ў адзіную еўрапейскую адукацыйную прастору, у 2002 г. Еўрапейскі гуманітарны універсітэт — адзіная з ВНУ не толькі Беларусі, але і СНД — уступіла ў міжнародны універсітэцкі кансорцыум Campus Europae, галоўнай мэтай якога з'яўляецца датэрміновая рэалізацыя ідэй Балонскай дэкларацыі праз гарманізацыю вучэбных планаў універсітэтаў-удзельнікаў, узаемнае прызнанне дыпломаў і дасягненне 100 % студэнцкай мабільнасці. У выніку ЕГУ атрымаў дадатковае еўрапейскае прызнанне якасці сваёй адукацыі.
Еўрапейскі гуманітарны універсітэт быў адзінай недзяржаўнай ВНУ ў Беларусі, якая мела афіцыйна прызнаны дзяржавай статус універсітэта. Інтэнсіўнае міжнароднае супрацоўніцтва, шматлікія замежныя партнёры універсітэта, міжнародныя і замежныя арганізацыі і інстытуты, якія забяспечвалі падтрымку ЕГУ, — усё гэта было пераканаўчым сведчаннем міжнароднага і нацыянальнага аўтарытэту і прызнання ВНУ.