Хроніка канфлікту

Усе гады свайго існавання ЕГУ быў эксперыментальнай пляцоўкай для інтэрнацыяналізацыі і лібералізацыі вышэйшай адукацыі ў Беларусі. Балонскі працэс, які аб’яднаў 40 краін, нарадзіў спадзяванні, што ў Беларусі пачнецца працэс інтэграцыі ў еўрапейскую адукацыйную прастору і досвед ЕГУ будзе запатрабаваны іншымі беларускімі універсітэтамі. Кароткі перыяд надзей на еўрапейскую будучыню беларускай вышэйшай школы завяршыўся нападам рэжыму на акадэмічныя правы і свабоды, дзяржаўнай палітыкай, накіраванай на самаізаляцыю Беларусі ад вонкавага свету і на рэстаўрацыю савецкай сістэмы вышэйшай адукацыі як інструмента палітычнага кантролю над студэнцкай моладдзю.

Еўрапейскі гуманітарны універсітэт не мог не стаць ахвярай гэтай рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў. Выступаючы перад студэнтамі ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце 23 верасня 2004 г., прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ЕГУ рыхтаваў новую нацыянальную эліту, якая павінна была б павесці краіну на Захад. Еўрапейская будучыня Беларусі знаходзіцца, такім чынам, у супярэчнасці з планамі прэзідэнта.

Са студзеня 2004 г. Міністэрства адукацыі спрабавала прымусіць рэктара ЕГУ акадэміка Анатоля Міхайлава сысці ў адстаўку для таго, каб падпарадкаваць наш універсітэт самагубнай для акадэмічнай карпарацыі палітыцы самаізаляцыі і задушэння акадэмічных свабодаў. Пры поўнай падтрымцы, выказанай калектывам універсітэта, пасля кансультацый з замежнымі донарамі і партнёрамі прапанова аб адстаўцы была адхілена.

Актыўны ціск уладаў на ЕГУ і яго кіраўніка выклікаў шматлікія акцыі пратэсту, у якіх супольнасць выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта не проста паўстала ў абарону свайго рэктара, але мужна абараняла місію універсітэта і фундаментальныя каштоўнасці акадэмічнай культуры ў цэлым.

Сустрэўшыся з супрацівам універсітэцкай карпарацыі, у якасці стратэгіі барацьбы з універсітэтам улады абралі адміністрацыйны ціск. На працягу ўсяго апошняга году свайго існавання ў Менску універсітэт падпадаў пад бясконцыя праверкі розных кантралюючых інстанцый, аднак ні адна камісія не знайшла ніякіх сур'ёзных парушэнняў у працы універсітэта. У траўні 2004 г. Міністэрства адукацыі неабгрунтавана зацягнула працэс прыняцця рашэння аб выдачы ЕГУ новай ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць, што прывяло да прыпынення працы універсітэта на тыдзень. Аднак тады дзякуючы шырокай агалосцы і актыўнай падтрымцы міжнароднай грамадскасці ЕГУ ўсё-такі дамогся выдачы ліцэнзіі.

У ліпені 2004 г., пасля чарговай адмовы на патрабаванне міністра адукацыі аб адстаўцы рэктара, Кіраўніцтва справамі прэзідэнта запатрабавала вызваліць будынак, у якім размяшчалася большасць навучальных і навуковых падраздзяленняў ЕГУ і праводзіліся заняткі (пазней Гаспадарчы суд прызнаў высяленне ЕГУ з будынка незаконным). Ужо праз некалькі дзён на падставе адсутнасці ў ЕГУ неабходнай колькасці вучэбных і адміністрацыйных памяшканняў Міністэрства адукацыі пазбавіла універсітэт ліцэнзіі на вядзенне адукацыйнай дзейнасці.

Пасля вымушанага спынення дзейнасці універсітэта на сяброў універсітэцкай карпарацыі ЕГУ працягвалі ціснуць улады, студэнты і выкладчыкі сутыкнуліся з нападкамі ў дзяржаўных ВНУ, куды яны былі пераведзеныя.

Дзякуючы салідарнасці акадэмічнай супольнасці шматлікія студэнты атрымалі магчымасць працягнуць навучанне ва універсітэтах Германіі, Францыі, Расіі, ЗША, Польшчы, Чэхіі і іншых краін.

Падтрымка універсітэта і яго студэнтаў з боку міжнародных арганізацый дала надзею на выжыванне універсітэта, захаваўшы высокі аўтарытэт ВНУ, што адмовіўся прыняць паразу ў сутычцы з рэжымам.

© 2007 EHU